Вядоўцам на I фестывалі гістарычнай рэканструкцыі “Эпоха рыцарства” будзе гісторык, вядомы дзеяч і адзін з заснавальнікаў гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі – Юры Усціновіч.
Яшчэ падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце Юры Усціновіч уключыўся ў 1994 г. у стрварэнне рэканструктарскага руху на Беларусі і быў абраны на кіраўніка аднаго з першых клубаў гістарычнай рэканструкцыі – “Калюмны”.
У 1997 г. Юры Усціновіч стаў стваральнікам і кіраўніком “Жалезнага ваўка” – клуба гістарычнай рэканструкцыі ў Полацку і Наваполацку. На базе гэтага клуба быў створаны тэатар гістарычных мініяцюр “Полацкі зьвяз”. Юры стаўся ягоным заснавальнікам і кіраўніком аж да 2008 г. Пад ягоным кіраўніцтвам “Полацкі зьвяз” за сваю дзейнасць атрымаў званне “народнага тэатра гістарычнага касцюма”. Надалей гэты народны тэатр выступаў і выступае са сваімі спектаклямі і асобнымі тэатралізаванымі пастаноўкамі як па Беларусі, так і па-за яе межамі. У сувязі з паступленнем у аспірантуру і пераездам на іншае месца жыхарства Юры Усціновіч адмовіўся ад кіраўніцтва народным тэатрам “Полацкі зьвяз”.
Таксама Юры Усціновіч стаўся актыўным удзельнікам шматлікіх фэстаў сярэднявечнай культуры, якія праходзілі ў Наваградку, Лідзе, Полацку, Нясвіжы і г.д. У асобных фэстах Юры выступаў не толькі як шараговы ўдзельнік, але як і суарганізатар і арганізатар. Так, напрыклад, ён быў ідэйным заснавальнікам і арганізатарам першых фэстаў сярэднявечнай культуры “Рубон” у Полацку.
Цяпер Юры Усціновіч часта бярэ ўдзел у сярэднявечных фэстах у якасці каментатара рыцарскіх турніраў і беларускамоўнага вядоўцы канцэртных праграмаў на мерапрыемствах.
Юры доўгі час працаваў выкладчыкам у Полацкім дзяржаўным універсітэце. Ён з’яўляецца аўтарам дзіцячых кніжак (“Яська і конік ягоны Грыўка”, “Майстра Рукша”).